ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.

Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦК КПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК КПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦК КПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦК КПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.

Літ.:

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.

І.Ф.Дзяшко.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)